АСІНТО́РФСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943 у раёне прадпрыемства «Асінторф», чыг. ст. Асінаўка Дубровенскага р-на, гідрастанцыі БелДРЭС. Аб’ядноўвала каля 50 чал. Кіруючы састаў: Г.Г.Амельчанка, С.П.Шмуглеўскі, Я.У.Вільсоўскі, Л.К.Букацік, В.Ф.Агурцоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральны, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, в. Азёры, Замоські, Заполле, Судзілавічы, у Асінторфскім лагеры ваеннапалонных. Падпольшчыкі здабывалі для партызанаў зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, пропускі, звесткі пра дыслакацыю войскаў праціўніка, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, перапраўлялі іх да партызанаў і за лінію фронту. Патрыёты ўзарвалі чыг. мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, вывелі са строю сістэму гідраторфу, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваен. маёмасці і гаручага, спалілі дом адпачынку ням. афіцэраў, псавалі тэлеф. сувязь, машыны і абсталяванне. У кастр. 1943 уліліся ў 16-ю Смаленскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)